Напэўна, ты вельмі здзівіўся, калі атрымаў у рукі паштоўку, адрасованую мной у далёкі для мяне ліпень 1944 года. Я адчуваю і прадбачу, як ты хвалюешся, калі чытаеш адваротны адрас і разумееш, што гэты ліст напісаны амаль праз 75 гадоў з моманту баявых дзеянняў, дзе ты прымаеш удзел у вызваленні Гродзеншчыны і майго роднага горада Свіслачы. Зразумела, у цябе з’явілася шмат пытанняў да мяне. Але не спяшайся-усё наперадзе.


   У першую чаргу дазволь мне, паважаны салдат, падзякаваць табе за Перамогу і мірнае неба над нашай Беларуссю. Я не ведаю, колькі цяжкіх і суровых баёў табе прыйшлося вытрымаць, колькі кіламетраў франтавых дарог давялося прайсці, колькі тваіх таварышаў засталося на полі бою. Я нават не ведаю, застаўся ты жывым ці загінуў і пахаваны ў невядомай магіле. Толькі я ўпэўнены, што ты сапраўдны патрыёт, які вельмі любіць сваю Радзіму. Таму для нас, пакалення ХХІ стагоддзя, ты застанешся жывым прыкладам. Дзякуючы такім адважным воінам, наша сённяшняя Беларусь-незалежная дзяржава. Традыцыі, закладзеныя старэйшым пакаленнем, працягвае сучасная моладзь, у тым ліку, і мае зямлякі-свіслачане.

 Стаць салдатам і служыць Айчыне-гэта гонар для кожнага юнака, ад якога залежыць поспех ваеннай справы, упэўненасць у заўтрашнім дні. Па-ранейшаму наш салдат-гэта сапраўдны воін. У любы час ён гатовы стаць на абарону свайго народа, апынуцца там, дзе патрэбна яго дапамога. Вернасць воінскай прысязе паказалі ўраджэнцы Свіслаччыны, удзельнікі вайны ў Афганістане Віктар Лобач (загінуў у баі 14 сакавіка 1983 года), Васіль Ламан, Раман Смактуновіч і іншыя адважныя воіны.

   Мужнасць і гераізм байцоў Вялікай Айчыннай вайны-прыклад для нас. Стаць байцом у наш час можна не толькі  падчас баявых дзеянняў ці ў радах Узброеных Сіл. Ёсць людзі, якія дзень і ноч змагаюцца за ўраджай або  асвойваюць новыя  тэхналогіі на заводах і фабрыках, памнажаючы багацце краіны. Ёсць байцы -спартсмены– мае  зямлякі - А.Саўко, удзельнік Алімпійскіх гульняў г. Атланта (1996 г.), Б. Грынкевіч, удзельнік Алімпійскіх гульняў 2004 г., маладыя спартсмены А.Гуштын і В.Пясняк. Іх імёны дапаўняе чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў 2000 г. у штурханні ядра Яніна Карольчык. Нашы спартсмены-узор волі і адвагі беларускага народа. А яшчэ іх называюць асілкамі.

   Ніхто не забыты, нішто не забыта! Гэтыя словы гучаць ужо 75 гадоў, калі мы адзначаем Дзень Перамогі (9 Мая) і дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (3 ліпеня). Гучаць яны і каля помніка-мемарыяла “Асілак”, што на ўскраіне горада Свіслач. Гэта-сімвал вялікага подзвігу народа. На ім-прозвішчы 1162 землякоў, якія загінулі ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У нашым раёне 44 помнікі і многа памятных знакаў героям вайны.

   З кожным годам мяняецца мая родная старонка, прыгажэе Свіслач. Радуюць вока зялёныя вуліцы і паркі беларускіх гарадоў, якія растуць з года ў год. Сваімі працалюбівымі жыхарамі і гасціннасцю славяцца нашы вёскі. Усё гэта-твая заслуга, дарагі салдат. Я схіляюся перад табой і заўпэўніваю, што твой подзвіг не будзе забыты, а мой ліст надасць табе веры ў Перамогу.

  

 Аляксандр Балейка  ,навучэнец 1 ТЭЛ гр.,15 л.

ГГЭК імені Івана Шчаснага.